Новости

17 Марта 2014

Bonfire. Вялікае вогнішча ў невялікім клубе

Bonfire. Вялікае вогнішча ў невялікім клубе

13-га сакавіка нашу сталіцу наведалі легенды нямецкага хард-року — Bonfire. І хай гурт ня вельмі папулярны ў нашай краіне, і тыя, хто яго ведаюць, у сваёй большасьці лічаць, што гэта нейкая баладна-меладычная фармацыя. Няхай, добра, што ўвогуле іх тут хтосьці ведае. Хаця, калі сучасны рокер ці металхэд запытае сваіх старыкоў, то нават тыя, хто рок ня слухае, будуць ведаць Bonfire.

Рызыкнулі прывезьці гэтых немцаў вельмі добрыя людзі з TNT Rock Club, за што ім вялікі дзякуй, а таксама за арганізаваную прэс-канферэнцыю з гуртом. Ну і кіданем камень у гарод гэтага клуба-арганізатара: журналісты не апошняга ў краіне музычнага СМІ не павінны ўдзельнічаць у конкурсах, каб выйграць квіткі (што толькі ня зробіш, каб паслухаць добрую музыку, і дзякуй праграме "Бяссонніца" на Радыё-Сталіца) і іншыя спосабы, каб патрапіць на гэткі канцэрт, але спадзяюся, што такі выпадак з акрэдытацыямі застанецца ў мінулым.

Сказаць, што я чакаў гэтага выступу, гэта нічога не сказаць. Ведаеце, нягледзячы на ўзрост, франтмэн Claus Lessmann выдатна сьпявае, а астатнія таксама добра граюць, таму было так цікава паслухаць іх жыўцом. Тым больш, што такая пляцоўка, як TNT, адразу рыхтуе да вельмі шчыльнага ўзаемадзеяньня музыкаў і фанатаў. Аўтар-дурань літаральна прасраў першыя тры песьні і менавіта сам пачатак выступу Bonfire, але патрапіў як раз на песьню Hot To Rock, вакаліст тады займаўся расьпеўкай ды запалам публікі, я таксама далучыўся. Ва ўсіх вельмі выдатна выйшла падпяваць.

Калі я толькі даведаўся пра іх выступ, усё разважаў, акустычны ці звычайны сэт запіляць немцы. А бамбанулі яны сэт вельмі ўгарны ды рокавы, як гаворыцца, у лепшых традыцыях. Першы адрэзак выступу прайшоў пад сьцягам раньніх хітоў гурта, сярод якіх былі Don`t Touch The Light, Fantasy, Just Follow The Rainbow і скончылася першае аддзяленьне на мега-баладзе You Make Me Feel, якую людзі сьпявалі разам з музыкамі. За культавым трэкам ішла ня мяней знакамітая Sword and Stone, якую кожны можа пачуць, калі будзе пераглядаць фільмShocker. І вось музыкі хуценька сышлі са сцэны, каб перавесьці дух, пакінуўшы бубнача Harry Reaschmenn’а аддувацца за ўсіх. Бубнач аддуўся выдатна, нават так, што прыкаваў да сябе погляды 2/3 танцпляцу.

Зусім ня лішнім будзе ўзгадаць усе тыя жарты ды ўзаемадзеяньне з публікай музыкаў. Клаус і астатнія ў асноўным распавядалі тыя ж самыя рэчы, што і на прэс-канфе некалькімі гадзінамі раней. Прастата і адкрытасьць, ніякай дыстанцыі са сваімі аматарамі — гэта галоўныя дэталі посьпеху Claus’a Lessmann’a як франтмэна. Ён нават накаціў чарку гарэлкі на сцэне разам з хлопцам, які прадставіўся сынам прэзідэнта. Як адмеціў вакаліст: "Мне вельмі прыемна выпіць з такой важнай персонай!" Пажартаваць таксама любяць і гітарысты Hans Ziller,Chris Limburg ды басіст Uwe Köhler.

Перад тым, як выканаць песьню Proud Of My Country (якая пра Нямеччыну), Claus зьвярнуўся да ўсіх ды папрасіў прабачэньня за гітлераўскую Нямеччыну і яе дзеяньні ў бок Беларусі. Ён дадаў, што яны патрыёты і сьпяваюць у гэтай песьне пра адноўленую краіну. Вакаліст перакананы ў тым, што кожны народ павінны захоўваць сваю культуру і традыцыі (крыху сорамна, так?) каб застацца тым, чым ён ёсьць. Падчас выканьня ён нават некалькі разоў прасьпяваў "Proud of Belarus", прыемна і вялікі дзякуй.

Пасьля Under Blue Skies пайшла адна з маіх улюбёных кампазіцыяў — Sweet Obsession, на якой градус дзейства скокнуў на максімум. Пан Lessmann спусьціўся на танцпляц і, сьпяваючы, ціснуў рукі ўсім, хто быў побач, і напаўняў станоўчай энергетыкай бы гарачая печка. Потым мы ўсё не жадалі адпускаць музыкаў, і яны раз за разам згаджаліся сыграць яшчэ, канчаткова ўсё скончылася на Bang Down The Door, пад якую даскакалі ўсе, хто не наскакаўся. Музыкі завіталі ў Менск са сваім абсталяваньнем, таму гук быў шыкоўны. Ніякай лажы з боку немцаў таксама не было, усё чыста ды выдатна.

Вельмі якасны выступ, я пачуў усё, што хацеў, мабыць акрамя толькі American Nights. Абойма хітоў была ўражлівай, і калі судзіць па рэакцыі натоўпу, то ўсім спадабалася, але хацелася яшчэ. Наконт публікі, тут абыякавых не было, нават тыя, хто спачатку проста стаяў, пад канец хоць трошкі ды рухаліся. Я разьлічваў убачыць забіты пад завязку TNT, але такога не было. Людзей было дастаткова, але зусім не аншлаг. Тыя, хто не прыйшоў, страцілі вельмі шмат, і ўвогуле, паважаныя чытачы, калі ніколі ня чулі Bonfire, то наш рэдактар падрыхтаваў неблагую падборку хітоў — знаёмцеся з творчасьцю, ды калі яны завітаюць да нас яшчэ раз, прыходзьце на канцэрт.

Хочацца падзякаваць усім удзельнікам гурта за іх энергетыку, усьмешкі і вельмі добры настрой. Спадзяюся, беларусы выдатна прынялі зорак, і ім вельмі спадабалася. Дзякуй усім фанам, асабліва тым, што скакалі пад сцэнай увесь выступ як шалёныя. Чакаем вяртаньня ўжо на буйнейшай пляцоўцы, але тая цёплая атмасфера клубнага выступу застанецца са мной назаўжды.

P.S. Claus Lessmann ведае такія словы, як "шкарпэткі", "дзякуй", "шуфлядка" ды фразу "як справы?" (яшчэ больш сорамна?).

P.P.S. А вось гітарыст гурта — Chris Limburg таксама паказаў валоданьне, праўда ўжо рускай мовай. У адным зь перапынкаў ён стрэльнуў у нашага фатографа цыгарэту, адарваў фільтр… А на пытаньне Зьміцера: "Хэй, а чаму бяз фільтра?"», — той амаль без акцэнту адказаў:"Muzhyki nie plachut".

Сяргей Бохан

Фота з мерапрыемства глядзiце тут

Назад