Новости

4 Июня 2014

Easy Dizzy vs Chris Slade

Easy Dizzy vs Chris Slade

Што такое AC/DC? Па-першае, гэта самы знакаміты і жвавы гурт у сьвеце. Па-другое, гэта натуральныя энергія і драйв, як на кружэлках, так і падчас прагляду live-канцэртаў. Па-трэцяе, гэта проста AC/DC — квінтэсенцыя року ва ўсіх сэнсах. І крычыце вы ўсе, што гэта папса, мэйнстрым ды вельмі камерцыйнае музло, то крычыце і далей, я проста зраблю гэту папсу “паграмчэй” і зраблю сэлфі з казой, вуснамі “качкай” і цішотке з лога культавых Дысі. На вялікі жаль беларускія слухачы і аматары гэтай аўстралійскай фармацыі наўрад ці ўбачаць улюбёны гурт на стадыёне “Дынама”, таму выхад толькі адзін, ехаць у Эўропы, каб зацаніць мега-крутых дзядоў.

Тым ня менш, у Менск ужо другі раз завітаў першы ў ЗНД трыбьют-гурт Easy/Dizzy. Хлопцы адлабалі на сцэне TNT Rock Club, але падчас другога прышэсьця на нашую зямлю яны прывезьлі з сабой вельмі крутога дзядзьку – Chris’a Slade’a, які некалі ў 90-х запісаў з AC/DC альбом, зьняўся ў некалькіх кліпах і нават прыняў удзел у культавым выступе, які быў запісаны і атрымаў назву Live at Donington 1992. Гурт і спадар Slade прынялі ўдзел у прэсухе, якую як звычайна арганізаваў TNT Rock Club (добрая тэнденцыя працягваецца), я таксама туды схадзіў ды задаў некалькі тупых пытаньняў.

TNT Rock Club працягвае радаваць якаснымі трыбьют гуртамі, вось зусім нядаўна былі Hell Ain't A Bad Place To Be. Градус усяго гэтага павышаўся з кожным новым трэкам і ўсё болей людзей скакалі падчас песень, нават я не вытрывай і пайшоў ірваць падлогу TNT Rock Club нягледзячы на хваробу. Пералічваць усю тую прыгажосьць, якую музыкі адыгралі ня буду, скажу толькі, што мае ўлюбёныя трэкі (Rock N' Roll Train, Touch Too Much, Dirty Deeds, TNT, Back In Black ды Whole Lotta Rosie), канечне музыкі адвалілі значна болей, увесь сэт заняў 2 гадзіны. Першыя песень 5 Easy/Dizzy адгралі са сваім бубначом, але потым за ўстаноўкай сядзеў Chris Slade, які малаціў па ёй што мае моцы і гэта было крута, асабліва падчас ягонага драм-сола. Выступ атрымаўся выдатным, цёплая і ветлівая атмасфера, мабыць хацелася толькі ўсё гэта зрабіць грамчэй, бо Дысі трэ слухаць на максімуме.

Народу было няблага, што радуе, узрост быў самы розны, што таксама плюс, а настрой быў ва ўсіх аднолькавы, я нават забыўся, што прыйшоў на імпрэзу хворы. Таму вялікі дзякуй музыкам ды TNT Rock Club.

Тэкст: Сяргей Бохан
Фота: Зьміцер Сачыўка

belmetal.org

Фота з канцэрту глядзiце тут
Назад