Новости

7 Апреля 2014

Ken Hensley

Ken Hensley

Адгрымеў Metal All Stars, было шмат працы, тусовак ды проста эмоцый. Мала хто ведаў, але да нас ізноў завітаў Ken Hensley. На гэты раз з майстар-класам ды акустычным канцэртам. На вялікі жаль, на майстар-клас завітаў толькі наш фатограф, таму прапаную вам паглядзець фота. У двух словах, там распавядалі пра музыку ды паэзію і як правільна гэтымі рэчамі займацца, удзельнікі амаль зрабілі новы трэк разам з Hensley. Пасьля такой колькасьці металічнага й рокавага двіжу, хацелася проста завітаць на гэты канцэрт, узяць гарбаты ці кавы ды адпачыць пад акустычныя версіі несьмяротных хітоў Uriah Heep ды сольнай кар’еры спадара Hensley. І ведаеце, TNT Rock Club здаецца быў пабудаваны для гэтай імпрэзы, дух рок-н-ролу ў памяшканьні, прыглушанае сьвятло, людзі абсалютна розных узростаў, ды сцэна з двума гітарамі ды клавішамі стваралі нейкі містычны дух і сьветлы настрой спакою пасьля даволі цяжкіх дзён. Я ня буду пісаць шмат, а лепей паспрабую перадаць тую атмасферу, якая панавала падчас выступу культавага брытанца.

На ўваходзе ўсім адразу давалі прыгожа надрукаваны песеньнік, у якім былі тэксты ўсіх рэчаў, якія Ken павінен быў адыграць тым вечарам. Зроблена гэта было з адной і вельмі простай нагоды — музыка хацеў пасьпяваць разам з намі, таму для нашай жа спадручнасьці, TNT Rock Club зрабіў гэтыя маленькія кніжачкі. Галоўны герой вечара спазьніўся на пару хвілін, таму што пераблытаў час і лічыў, што пачатак назначаны на 9, а не на 8. Чаканьне працягласьцю ў 20 хвілін, далёка не самае доўгае ў маім жыцьці, таму негатыву не было ні ў мяне, ні ў астатніх людзей. Ды й калі Ken Hensley падняўся на сцэну ды папрасіў прабачэньня за спазьненьне, то ўсе ўжо й забыліся на тое.

Перш за ўсё хачу сказаць, што гэта быў ня проста акустычны канцэрт, а творчы вечар. Музыка актыўна распавядаў гісторыі са свайго жыцьця й ахвотна адказваў на ўсе пытаньні. Атмасферу ён наладзіў выдатную і зрабіў сапраўды казачны настрой, вельмі шчыльны кантакт зь людзьмі, гэта заўсёды выдатна. Спачатку спадар Ken папрасіў нас уявіць сябе ўдзельнікамі гурта Uriah Heep у 1970 годзе і што ён прэзентуе гурту сьвежыя рэчы. Ён папярэдзіў, што будзе выконваць кампазіцыі менавіта так, як першапачаткова іх напісаў, а ня версіі, якія ўвайшлі ў альбомы. Хачу адзначыць, што Ken стварыў овер 300 кампазіцый, 20-ка з каторых стала несьмяротнай класікай року ўжо пры яго жыцьці. Музыка напісаў іх ня ведаючы нот, а таксама вывучаўся граць на гітары і піяніна самастойна, бяз кніжак і настаўнікаў.

Тым вечарам я пачуў усе мае самыя ўлюбёныя песьні Uriah Heep, сярод якіх апынуліся: Free Me, Wise Man, Rain, Sweet Freedom, July Morning, Tales і канечне ж сапраўдную жамчужыну —Lady In Black. Усе гэтыя хіты напісаў спадар Hensley, выканаў жа ён 20 песень і адну на біс. Сярод кампазіцый з рэпертуара Uriah Heep былі і яго трэкі, якія зьявіліся падчас сольнай кар’еры. Для меня гэта было вельмі добрым штуршком, каб азнаёміцца з творчасьцю Ken’aHensley, пасьля сыходу са знакамітага гурта. У душу запала парада музыкам, якая падыходзіць для нас усіх — “Любіце тое, што робіце і ніколі не здавайцеся!”. Выдатныя словы і выдавочна, што выканаўца жыве гэтым дэвізам. Было цікавае пытаньне, ці не абрыдла яму граць гэтыя хіты на працягу столькіх гадоў. На што ён адказаў: “Як можа абрыдзіць тое, што так радуе людзей, якія цябе слухаюць. Я бачыў, як людзі сьмяюцца і плачуць пад мае песьні, таму я ня маю права спыняцца. Гэта такая асалода бачыць вашыя шчасьлівыя й задаволеныя твары, я гэтым жыву!”.

Усё скончылася вельмі хутка, але музыка паабяцаў завітаць у Менск яшчэ і праз 15-20 хвілін вярнуцца ў залу, каб даць аўтографы ўсім жадаючым. Ён стрымаў сваё слова і хутка апынуўся сярод нас ізноў. На аўтограф сэсіі таксама нічога ня скончылася і мы выстраіліся ў новую чаргу, каб сфатаграфавацца з кумірам. Асобных радкоў заслугоўвае ўладальнік клуба, які прапанаваў людзям і фатографам скааперавацца, каб кожны па аднаму падыходзіў да Ken’а, а фатографы рабілі сваю справу. Для тых, хто не сябруе зь Інтэрнэтам ён прапанаваў прыйсьці праз дзень з флэшкай і забраць сваю фотку. Выдатны і вельмі прыемны жэст, сама арганізацыя цалкам была на вышэйшым узроўні і таксама крышачку дадала да ўсёй атмасферы. Вельмі цёпла, па-сяброўскі і прыемна, таму дзякуй Ken Hensley і TNT Rock Club за шанец дакрануцца да нечага сьветлага і добрага. Ken, чакаем цябе назад у Менск!

P.S. Я ведаю, што многія з чытачоў каціруюць музло пацяжэй, але дазвольце вам прапанаваць лепшыя, на мой погляд, песьні таго вечара. Ніколі ня позна адкрыць для сябе крышачку класікі року. Сам я калісьці пазнаёміўся з творчасьцю гэтага чалавека з дапамогай старэнькай зборкі Era Of Rock (і Кен сапраўды эра), пазнаёміўся так, што не адпускае ўжо некалькі год, можа тое ж самае адбудзецца і з Вамі!

Тэкст: Сяргей Бохан, belmetal.org

Фота з канцэрту глядзіце тут, з майстра-класа - тут

Назад