Новости

1 Апреля 2014

Pre-party Metal All Stars

Pre-party Metal All Stars

Пэўна вы ўсе чулі пра грандыёзную падзею пад назвай Metal All Stars, дык вось, музыкі вырашылі павячэраць у TNT Rock Club разам з уладальнікамі асаблівых VIP-пасаў. Мы таксама вырашылі схадзіць ды паглядзець на ўсё гэта, тым болей, граць пад час гэтай імпрэзы былі павінны беларускія глэм рокеры Stardust Circus.

Народу было няшмат, каля 100-150 валасатых ды ня вельмі галоў, але ад таго было толькі лепш. Спачатку ўсе тоўкліся па клубе, пілі, елі ды гаманілі. Але потым выйшлі доўгачаканыя зоркі і пачалася аўтограф-сэсія, тут ужо кожны атрымаў магчымасьць быць распісаным музыкамі з галавы да пят. Зразумела, фаны карысталіся такой магчымасьцю. Некаторыя падрыхтаваліся і мелі з сабой маркеры ды постэры куміраў, на вялікі жаль, мы так і ня ўбачылі Vince Niel’а, Zakk Wylde’а ды Max Cavalera. Астатнія жа былі вельмі ветлівыя, фатаграфаваліся ды падпісвалі ўсё тое, што ім несьлі фаны. Вельмі папулярнымі былі Udo і Joe Belladona, таксама ніхто ня мог мінуць прыгажуню Kobra Paige. Было крута аж да дрыжыкаў паціснуць рукі ўсіх гэтых музыкаў ды перакінуцца парай словаў.

Сумна, але калі гурт Stardust Circus пачаў свой выступ, большая частка народу ўсё яшчэ тусіла з музыкамі. Хлопцы малайцы, не спужаліся трох з паловай чалавек і выдалі ўсё як мае быць. Якасна, гучна ды драйвова. Потым хтосьці крыкнуў, што зараз выйдзе Beladonna — і ўсе ламануліся на танцпляц. Спадар з індзейскімі каранямі крыху ўсіх падманущ і зьліўся ў гатэль, але астатнія пачалі вылазіць на сцэну ды джэміць з нашымі беларускімі хлопцамі.

Спачатку Jesse Bilson выйшаў з аграменнай бутэлькай Джэку і разам з франтмэнам Стардастаў заваліў кавер на квінаўскую Tie Your Mother Down. Бутэлька таго самага Джэку была адданая фанам, якія яе вельмі хутка высмакталі, скочачы на танцпляцы. Далей выйшаў сам вялікі і грозны Udo, які выканаў Born to be Wild, і тут неспадзявана на ўдарцы апынуўся Alexander Kiss, на гітару стаў адзін хлопец зь персаналу TNT, і яны амаль выдатна завалілі культавы трэк, але спадар немец забыўся на словы. Усё роўна было крута! Потым той самы Jesse Bilson, які быў з бутэлькай, сеў за бубны і хорам з публікай ды Udo выканаў Balls To The Wall. Потым пайшлі хіты Дысі ды Джымі Хэндрыкса, казаць пра тое, як ўсе шалелі, няма ніякай рады, усё выдатна бачна на фота. Яшчэ адна неспадзяваначка: усе гэтыя каверы Стардастам за бубнамі дапамагаў граць Rhino, былы бубнач знакамітых Manowar. Цікава, што наконт яго прысутнасьці на шоў не было ані слова, прыемная неспадзяванасьць — і чакаем яго на самім шоў Metal All Stars.

Далей Стардасты працягнулі граць свой перарваны джэмам сэт, выконвалі свой матэрыял разам з каверамі. Але ізноў зоркам захацелася руху, і ўсе ўдзельнікі Shadows Fall разам з экс-удзельнікам Shinedown выканалі Live Wire Motley Crue і ўсё той жа Jesse Bilson распачаў сеанс краўд-сёрфінгу. Лавілі яго і хісталі ўсе, ён усё ніяк ня мог зазямліцца. І потым ужо Stardust Circus разам з вакалістам Shadows Fall выканалі God Save The Queen, на якой дах клуба быў амаль сарваны, і зноў жа наш гэрой з бутэлькай Джэку пачаў плаваць па руках натоўпу. Нават дзяўчыны выскачылі на сцэну, танчылі, адтапырваліся і таксама ўдзельнічалі ў заплыве па натоўпу. Далей Стардасты выдатна скончылі свой сэт. Хлопцы малайцы, добра адыгралі праграму і паўдзельнічалі ў мностве неспадзяваных джэмаў. З боку гэта выглядала выдатна, і вельмі прыемна, што зоркі такога ўзроўню джэманулі зь беларускім гуртом. Яшчэ раз хачу сказаць, што джэм ніхто не планаваў, усё выйшла само сабой і выйшла файна.

Хачу сказаць вялікі дзякуй тым, хто прыйшоў і адтапырваўся гэтым вечарам. Тыя, хто засталіся дома, чытайце топік, глядзіце фота ды кусайце свае локці. Такія падзеі бываюць раз у жыцці, калі тыя мужыкі, якіх ты бачыў толькі ў кліпах, граюць перад табой, ціснуць табе руку, абдымаюцца, фатаграфуюцца ды раздаюць аўтографы ўсім жадаючым. І гэта ўсё за нейкія 80к, нават крыху шкада тых, хто не прыйшоў. Дзякуй музыкам за гэты шалёны і пазітыўны вечар, такая адкрытасьць была ўсім вельмі прыемнай. Навошта казаць, што ва ўсіх проста трэслася ў грудзях ад такога шчыльнага кантакту зь металістамі такога ўзроўню. І таксама дзякуй гурту Stardust Circus, прыемна сачыць за іх разьвіцьцём і прагрэсам, а таксама адміністрацыі TNT Rock Club за шанец паўдзельнічаць у гэтай рок-вакханаліі і зрабіць рэпартаж.

Па матэрыялах belmetal.org

Глядзіце фота з канцэрту у архіве і ў гасцявой кнізе

Назад