Новости

30 Июня 2014

Stardust Circus у TNT Rock Club

Stardust Circus у TNT Rock Club

Сядзеў я неяк дома і ў галаву прыйшла “цудоўная” думка: “Пацан, ты быў на рокавым канцэрце амаль месяц таму (хворы скакаў пад Easy/Dizzy), а канцэрт Motorhead у Менску будзе толькі празь месяц і ўжо трэба растрэсьці косьці і завітаць у які-небудзь TNT Rock Club”. Падумаў, залез на нашую афішу belmetal.org/events/ – і ўбачыў, што 27-га чэрвеня там выступаюць беларускія рок-н-рольшчыкі Stardust Circus разам з кавер-бэндам Tomato Jam, і зразумеў, што трэ ісьці і добра паскакаць, ды нават зрабіць тэкставы рэпартаж, тым болей што хлапцоў на сцэне я бачыў шмат месяцаў таму, і было цікава прачэкаць іх бягучы ўзровень.

Калі тэатр пачынаецца зь вешалкі, то канцэрт Stardust Circus — зь песьні The Right To Break The Law, жвавая і вельмі скакабельная рэч, самае яно для адкрывашкі. Пачалі хлопцы зь 5 чалавек на танцпляцы, але музыка, іх харызма ды, мабыць, выпітае публікай сьпіртное вымусілі затусіць перад сцэнай амаль усіх наведвальнікаў TNT Rock Club. Стардасты вельмі добра скампанавалі свой сэтліст, выдатна перамяшаўшы ўласны матэрыял і каверы. Непатрэбствы сярод слухачоў пачаліся ўжо з трэцяга трэку, якім быў кавер на легендарных Sweet. Пад рытмічную і рок-н-рольную Ballroom Blitz распачаліся дзікія танцы ды ўгар. А я ўсё намагаўся ўспомніць, у якім фільме Таранціна быў гэны трэк (Таранціна херні ў саўндтрэк ня ўставіць), але пазьней дапамог Google. У першай частцы прагучалі яшчэ тры ўласныя трэкі: Plastic Love (такая добрая штука з замахам на хітовасьць), No Fear і Monkeys Of XXI (пад яе можна выдатна ламаць мэблю). На песьнях ДысіTouch To Much і Back In Black стала зусім сьпякотна, ды дзяўчыны шчыльна абступілі ўсе подступы да сцэны і давалі жыцьця лепей за некаторых мужыкоў — гэта рок-н-рол, дзетка! Першую частку Stardust Circus закрылі сырым і брудным гукам гітар песьні гурта MC-5 Kick Out The Jams, не памятаю, што там тварылася навокал, бо мозг быў цалкам адключаны, а цела вырабляла нейкія дзікія піруэты.

Перапынак 20 хвілін – і ўжо зноў каманда “зорных” на сцэне і валіць алдскульныя рэчы, накшталт 20th Century Boy за аўтарствам глэмераў T. Rex. Каб не паніжаць градус дзеяньня, хлопцы зарадзілі Perfect Killer, які вельмі красамоўна расказвае пра цёмны бок рок-н-ролу. Далей пайшло крышачку лірыкі пад загалоўкам I Won’t Save The World, але нават на гэтай рэчы народ не жадаў супакойвацца. Таму былі зараджаныя Pretty Handsome Awkward гурта The Used і Disposable Teens спадара Marilyn’a Manson’a, я нават пачаў перажываць за падлогу клуба, бо аддача публікі была неверагоднай. Усе былі на ўзводзе, і быў патрэбны апошні трэк, каб здарыўся сапраўдны выбух, і ім стаў War In The Streets, пад які дах TNT Rock Club быў амаль што сарваны, шалёныя людзі, шкло ці лёд на танцпляцы, калектыўнае прысяданьне ды скок уверх — гэта быў сапраўдны апагей выступу. Хітовая, лірічная і мая ўлюбёная Heaven №1 зайшла вельмі добра ўсім прысутным, а ў мяне, як заўсёды, намоклі труханы. На дэсерт Stardust Circus падалі God Save The Queen і Sweet Dreams, песьні, якія ведае і любіць амаль кожны, таму папелі ды добра парухаліся, а спадар Dave Loretti выдатна дырыжаваў усёй гэтай вакханаліяй.

Кароценькае рэзюме: хлопцы падрасьлі па ўсіх параметрах, усё робяць дакладна і адладжана, як сапраўдныя прафесіяналы, якімі яны і зьяўляюцца. Татальнае ўзаемаразуменьне паміж музыкамі на сцэне, добры кантакт са слухачамі (няма дыстанцаваньня), крутая падача. Ды ёсьць у іх штосьці, таму што нават тыя, хто наведаў клуб, каб паесьці/выпіць/пасядзець зь сябрамі, апынуліся на танцпляцы і выдатна правялі час.

Тэкст: Сяргей Бохан

belmetal.org

Назад